Беларуская Служба

Хочаце правесці перадачу на Польскім радыё па-беларуску? Наша кампанія выставіла лот на дабрачынным аўкцыёне (ФОТА/ВІДЭА)  

25.01.2025 09:01
Польскае радыё прымае ўдзел у агульнапольскай дабрачыннай акцыі, сродкі з якой будуць накіраваныя на развіццё аховы здароўя.
Аўдыё
  • «Вялікі аркестр святочнай дапамогі»
-      . 23  2025 ,
Прэс-канферэнцыя перад мерапрыемствам «Вялікі аркестр святочнай дапамогі». 23 студзеня 2025 года, Варшава PAP/Paweł Supernak

У нядзелю ў Польшчы, а таксама ў замежных краінах пройдзе дабрачынная акцыя, якая не мае аналагаў у свеце. Мерапрыемства адбудзецца 33-і раз, а фінансавыя сродкі, якія збіраюцца падчас яго правядзення, як і штогод будуць накіраваныя на мэты, звязаныя з медыцынай і аховай здароўя. Сёлета актыўны ўдзел у акцыі прымае Польскае радыё, у тым ліку і канал замежнага вяшчання. 

Дабрачыннае мерапрыемства называецца «Вялікі аркестр святочнай дапамогі», хоць таксама сустракаецца пераклад назвы «Вялікі аркестр каляднай дапамогі», таму, што акцыя заўсёды праходзіць у студзені, пасля калядных святаў. 

Упершыню мерапрыемства прайшло ў 1993 годзе. На працягу года штогод у Польшчы адбываюцца дабрачынныя канцэрты, а вось у студзені праходзіць «Вялікі фінал», падчас якога тысячы валанцёраў выходзяць на вуліцы са скарбонкамі і збіраюць грошы. Кожны, хто дасць нейкую суму, нават невялікую, атрымлівае стыкер у выглядзе чырвонага сэрца, які можна наклеіць на вопратку.

Фінансавыя сродкі збіраюцца не толькі на вуліцах, але і на аўкцыёнах. Сярод лотаў, у прыватнасці, рэчы і прадметы ад вядомых людзей, альбо, для прыкладу, вячэра з імі ў рэстаране ці проста праведзены час. 

Сёлета Польскае радыё выставіла некалькі лотаў, зразумела, звязаных з дзейнасцю радыёстанцыі. Сярод прапаноў — удзел у перадачах і запіс падкастаў. А вось нашы калегі з Украінскай службы прапануюць чалавеку, які выйграе аўкцыён, стаць сувядучым ранішняй перадачы, якая гучыць у эфіры Польскага радыё для Украіны. Вядучая Яна Стэмпневіч запрашае таксама беларусаў, якія жывуць у Польшчы, прыняць удзел у дабрачынным аўкцыёне. 

— Мы запрашаем беларусаў! Тым больш, што беларускую мову мы ў эфіры не перакладаем. Гэта наша пазіцыя, бо нам важна, каб беларуская мова таксама гучала ў нашым эфіры. Мы запрашаем усіх — польскамоўных, украінскамоўных і беларускамоўных гасцей. Ёсць лот, і хто дасць найбольш, той павядзе з намі перадачу. 

Паўдзельнічаць у аўкцыёне можна на платформе Allegro. 

Сёлета сродкі, сабраныя ў выніку дабрачыннай акцыі, будуць накіраваныя на развіццё і закупку абсталявання для дзіцячай гематалогіі і анкалогіі.

У дабрачынную акцыю ўключаюцца не толькі кампаніі, арганізацыі, прыватныя асобы, але і гарады. Польская сталіца не з’яўляецца выключэннем. Гаворыць мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі

— Медыцынская апаратура, купленая за сродкі дабрачыннай акцыі, служыць нам усім. Маім дзецям у цяжкі момант жыцця яна таксама дапамагла, за што хачу падзякаваць. «Вялікі аркестр святочнай дапамогі» аб’ядновае людзей, ён стварае супольнасць, што вельмі важна ў актуальны час. І таму Варшава падтрымлівала і будзе падтрымліваць гэтую акцыю. 

Валанцёрамі падчас дабрачыннага мерапрыемства будуць не толькі звычайныя грамадзяне, але і людзі са свету культуры, палітыкі і мастацтва. Сярод іх — дэпутат Сейму ад права-цэнтрысцкай «Грамадзянскай платформы», 33-гадовы Адрыян Вітчак. Ён будзе збіраць грошы ў скарбонку на вуліцах свайго роднага гарадка Тамашаў-Мазавецкі (цэнтральная Польшча). 

— Я сам неаднаразова лячыўся ў шпіталях з выкарыстаннем медыцынскай апаратуры, купленай за грошы «Вялікага аркестру». У 2005 годзе ў мяне быў пастаўлены дыягназ — хвароба Крона. Здаралася, што мне прыходзілася ляжаць у бальніцы 9-11 месяцаў у год. І апаратура, якая знаходзілася ў педыятрычнай клініцы ў Лодзі, у вялікай ступені была закупленая за сродкі «Вялікага аркестру святочнай дапамогі». Я хацеў бы за гэта падзякаваць і таму ангажуюся ў акцыю. 

А вось дэпутат Сейму, сацыял-дэмакрат Томаш Трэля на дабрачынны аўкцыён выставіў лот — хатні сняданак. Асоба, якая яго выйграе, зможа з’есці снеданне, якое ўласнаручна прыгатуе дэпутат. Томаш Трэля сказаў, што будзе ў меню. 

— У меню, зразумела, культавая яечня! Будзе таксама дэсерт і будзе страва, пра якую пакуль што не скажу, бо хачу, каб гэта быў сюрпрыз. Але хачу запэўніць, што снеданне будзе вялікім, сытным, смачным і здаровым! 

У 1993 годзе акцыю «Вялікі аркестр каляднай дапамогі» прыдумаў журналіст і грамадскі дзеяч Ежы Оўсяк, і з таго часу ён яе ўзначальвае. У мінулым годзе ў выніку дабрачыннага мерапрыемства ўдалося сабраць амаль 281 млн 900 тыс. злотых (больш за 66 млн 800 тыс. еўра). Летась сабраныя фінансавыя сродкі былі накіраваныя на пакупку пульманалагічнай апаратуры. 

Валеры Саўко 

слухайце аўдыёфайл